Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Зiмовы дождж

Дождж у студзені – нібы насмешка зімовай пары.
Ён звісае з галінак, струменіцца ўздоўж па кары.

Размывае слязьмі ля абочыны рэшткі ільдзін,
Пакідае мяне з маім лёсам адзін на адзін.

Гэты дождж – ён не ў тэрмін. Запозненай восені гон.
У выгібах шурпатай кары ён знікае, як сон.

Па трубе вадасцёкавай ціха шапоча ў журбе:
“Ці ўсё добра у лёсе тваім? Чуеш? – я пра цябе”

Не дражні мяне, дождж. Не прыстала мне лёс папракаць.
Ранні досвед – знясу. Поспех спозніцца – буду чакаць.

Мне не страшны правал. Я пужаюся іншай бяды:
Што спазнюся сама, што прыйду – не туды, не тады.

Як трывожна і гулка… І дах нахілілі гады.
Па адліву бляшанаму б’юць малаточкі вады.

Шамаціць дождж зімовы. На лужах малюе кругі.
І галінкі бязвольна павіслі, нібы ланцугi.

11.01.2013

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Зiмовы дождж - Сяргей Махнач