Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Веі замружу, і ўбачыцца вечар

Веі замружу, і ўбачыцца вечар –
Белая цэркаўка тоненькай свечкай.
Гнёзды шпачыныя пад Палатой.
Цені дубоў над халоднай вадой.

А за стагоддзямі ў прыцемку сінім
Вочы зямлячкі маёй, Ефрасінні.
Цьмяна бялее на кнізе рука,
Б’ецца аб шыбу агонь матылька.

Полацк драўляны. Малінавы звон…
Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?

Можа, твой майстар на холад муроў
Выплеснуць здолеў гарачую кроў,

Позірк праменны, дыханне надзей,
Каб засталося святло для людзей?
Што ты хацела на роднай зямлі?

Ды цішыня. I стагоддзі прайшлі.

Толькі вось цэркаўкі белы пажар.
Толькі аблокаў павольных цяжар.
Толькі прымроіцца ў прыцемку сінім
Позірк зямлячкі маёй, Ефрасінні.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Веі замружу, і ўбачыцца вечар - Навум Гальпяровіч