Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вечар шостага жніўня

Вечар шостага жніўня.
Наш парог у трыццаты год.
Дождж лятункам тужлівым
Ападае на сад, агарод.

Ацяжэлае лісце
Да мяне – праз маўчання мяжу –
Зноў нясе, як у юным “калісьці”,
Словы тыя, што сёння скажу.

Толькі ты ці пачуеш?
За сцяной адзіноты маёй
Перастылыя вёрсты начуюць,
Што пабеглі ўслед за табой.

Я гукаю. I ты адгукніся.
Побач стань, суцеш, абагрэй…
Шэры плашч з перамоклым крыссем
Моўчкі скінула ноч ля дзвярэй.

Субяседніца і вяшчуння –
Чую твой асцярожны крок,
Толькі знацца з табой не хачу я.
Я не веру ў твой чорны змрок.

Веру я: перамелецца скруха,
Зорка ўспыхне праз хмар насланнё.
Слухай, любая, – чуеш? – слухай
Гэтай ноччу дыханне маё.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Вечар шостага жніўня - Васіль Зуёнак