Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сказ пра ката

Касматага і рыжага,
Як восеньскі стажок,
Гарэзу-блінакрада
Нёс бацька у мяшок,
I машыніст пракураны
За пачку папярос
Праныру безбілетнага
На выселкі завёз.

Міналі дні і месяцы,
Як кадры у кіно…
Пра рыжага свавольніка
Забыліся даўно.
Туманам слаўся верасень –
Шчадрэйшы грыбасей…
З дажынкамі-дакопкамі
Сплывалі дні часцей…

Дажджом і ветрам ранак
У шыбы грукатаў…
Пачулася ля весніц
Кароценькае “мяў”…
Мы выбеглі з сястрою
I глянулі за плот –
Аж ток прайшоў па скуры:
Без лапы плакаў кот…

Пушысты рыжык-пыжык,
Праныра-блінакрад…
А да бацькоўскай хаты
Без лапы поўз назад.
Малым я быў, а помню,
Як слёзы ліў з сястрой,
Як бінтавалі лапку
Кашуляю старой…

Буслоў кружыла восень,
Рабіны стыў касцёр…
А каля ганка роднага
Маўкліва кот памёр…
…У імпартных машынах
Шыкуе блазната…
А я любіць Айчыну
Вучуся у ката.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 4,67 out of 5)

Верш Сказ пра ката - Кастусь Цыбульскі