Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ

(9.08.1910-7.04.1983)

Воля на чужыне,
На Радзіме краты.
Выбар– невялікі,
Толькі выбар ёсць.
Вецер сумна вые,
Воўчы цень ля хаты
У зубах трымае,
Згаладалы, косць.

Зойдзе цень на ганак–
Не кажы нічога.
Добра што на свеце
Ёсць яшчэ сябры.
Свечка асвятляе
І крыжы, і Бога.
Свечка светла плача,
Свечка не гарыць.

А навокал цёмна,
Нібы ў дамавіне.
А навокал цені,
А навокал– сон.
Толькі вецер вые.
Вецер у Айчыне
З могілак узняты
Крыламі варон.

І пачата споведзь
Прад людзьмі і Богам.
І пачуты словы,
І пачуты крык.
Толькі на Айчыну
Помніцца дарога,
Дзе ў руцэ Айчыны
З дыяменту цвік.

1.12.1993

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ - Віктар Шніп