Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рэйсавы аўтобус

Далягляд жаўцее пожнямі.
Дня сухмень. Павек тамленне.
Звыклы шлях…
Шафёр апошнія
Слухае паведамленні.

Што і як на нашым глобусе?
Скуль, куды ідзе пагроза?
Пахне хлебам у аўтобусе
МІНСК – БЯРОЗА.

Той аўтобус ледзьве дыхае,
Ледзь адольвае грудкі.

Афіцыйны голас дыктара.
Тры бабулі. Два дзядкі.

Лёс, лічы, амаль адмераны.
Што ж ім нечая бяда,
Бліжні Усход і ўсе Амерыкі!..
– He скажы… Людзей шкада.

I глядзяць вачмі блакітнымі,
Як святыя з абразоў,
Сто разоў вайною бітыя,
Паленыя сто разоў! –
Крэўныя мае!
За кожнага
Сам – на крыж і на касцёр…
– Весялей глядзі, заложнікі, –
Жартам кідае шафёр.

…Мы – заложнікі, заложнікі!
Покуль дзень навек не згас,
Мы – за кожнага, за кожнага,
Нат за тых, хто супраць нас.
Нашы сэрцы не жалезныя,
I да страшнага суда
Мы ў залежнасці,
залежныя
Ад усіх, каго шкада.

Як бярозы белакорыя,
Душы свецяцца ў смузе…

Моўчкі курым “беламорыну”
Мы з шафёрам па чарзе.

Ён ківае мне на радыё,
Уздыхае:
– От народ…
Дзень які! Жыві і радуйся…

Дыктар зноў пра Бліжні Усход.
Кулі свішчуць. Бомбы вухаюць.

Дзень які?.. I век які?..

А бабулі памяць слухаюць,
Памяць слухаюць дзядкі.
Дыктару ў адказ павохаюць
I ўпадуць у забыццё,
На грудзях абняўшы боханы,
Як надзею на жыццё.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Рэйсавы аўтобус - Уладзімір Някляеў