Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Школьны аўтобус

Школьны аўтобус

Засланы ў школу шлях зімой,
як столік гаспадыняй, –
зімой да школы да самой
аўтобус нас падкіне.

Жывеш ці з сынам, ці з дачкой –
дамчыць усіх без “коскі”.
Бліжэй становяцца да школ
аддаленыя вёскі.

Ля школы – снежная гара.
Не пройдзе і сахаты.
Урокі скончаны – пара
аўтобусам дахаты.

Саням яго не замяніць.
Залазім, склаўшы кніжкі.
Дзіцячым голасам звініць
салон ад пераклічкі.

Спыняецца ля нашых хат
і раніцай, і ўвечар.
У ім завеям не шугаць.
У ім – нібы ля печак.

У школу не ідзём зімой
па першай каляіне –
зімой да школы да самой
аўтобус нас падкіне.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Школьны аўтобус - Алесь Мацулевіч