Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Твае рукі

Твае рукі, твае рукі нада мною, –
Нібы лебедзі над белаю зімою.
Як ласкава яны кружаць
I са мной па леце тужаць,
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Цяжка, рукі, расставацца з вамі дужа
I без вас мне аставацца паміж сцюжаў.
Не ляціце, рукі, ў вырай,
Нада мной кружыце шчыра –
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Я люблю, як твае рукі нада мною –
Нібы лебедзі над белаю зімою,
Як яны садзяцца міла,
Склаўшы крылы, склаўшы крылы, –
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Калі лашчаць валасы мне твае рукі –
Слухаю, бы песню, я іх рухі.
А яны пяюць шчымліва
I крыляюць палахліва, –
Нібы лебедзі над белаю зімой.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Твае рукі - Янка Сiпакоў