Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вам так было са мною міла

Вам так было са мною міла,
Вы так баяліся са мной
Развітвацца. Шукалі сілы,
Каб не заплакаць. Божа мой.

Такіх не помню развітанняў:
І поціск рук, і сум вачэй,
А колькі шчырых абяцанняў
Памножыць зведаных начэй.

І даць паэзіі натхнення,
І ў цяжкім лёсе памагчы…
Ну, што Вы, што Вы, любы Жэня,
Няўжо душа мая крычыць?

Вы памыліліся. Рагоча,
Аж захлынаецца да слёз,
Што кожны, кожны, хто захоча,
Пакрыўдзіць здолее ўсур’ёз.

Вам удалося тэлефонным,
Тым голасам, і ўжо не тым,
Крыху глухім, нібыта сонным,
І ўжо далёка не святым,

Мяне прынізіць і зняважыць,
Надзею тую задушыць,
Якая сёння крылы звяжа,
А заўтра… Родны мой, грашыць

Было мне соладка з табою.
Ды абыякавасць, прабач, –
Яе ніхто не зваў любоўю:
Над выдумкай сваёй паплач.

Як я – не плачу вельмі рэдка.
Ах, ты смяешся? Не да слёз?
Не зразумець табе, як кветкам
Ніколі не цвісці ў мароз.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вам так было са мною міла - Вера Буланда