Верш Ноч з анёлам
Было: я некалі стаміўся,
Прылёг на ложак адпачыць,
Заснуў… І раптам… мне з’явіўся
Ці госць, ці прывід уначы.
Прастора ўспыхнула дзівосна
І голас ветрыкам сышоў.
Я ачмурэў. Аж стала млосна.
Анёл! А Божачкі, анёл!
Ён на мяне зірнуў ласкава
І павітаўся: “Мір табе!”
“П – прывітанне… Ну і з’ява…”, –
Я ў шоку мовіў сам сабе.
Але ачуўся паступова
І звыкся з госцейкам сваім.
І пачалася ў нас размова –
І аб усім, і не аб чым.
Я задаваў пытаннні – першы –
Пра нашу долю на Зямлі,
Ён мне адказваў… Нібы вершы
Яго адказы мне былі.
– Чаму вакол так многа гора
І, што ні справа, – то вайна?
– Чым насычаеце прастору,
Тым і адказвае яна…
– Нашто нам шлях выпрабаванняў?
Няўжо пакут не абысці?
– Калі няма ў жыцці кахання,
Дык вам і шчасця не знайсці.
– Чаму ў любві не супадаем,
Усе чарствеем пакрысе,
І, чым мацней каго кахаем,
Тым больш ён болі нам нясе?
– Таму, што вам пара змяняцца:
Не асуджаць, а шкадаваць
Не крыўдаваць, а прытуляцца
І ўсё цярпець і дараваць.
– Чаму ўсяго даволі ў хаце,
А ў сэрцы радасці няма?
– Не там збіраеце багацце,
Таму і чуецца імгла.
– Чаму мы ведаем так мала,
Але карыстаемся – шчэ менш?
– Табе дай, дзіцятка, запалу –
Ты й свет па глупству падарвеш.
– Чаму згасаем у хваробах?
Вось пад вачыма ўжо мяхі…
– Таму прычыны – не мікробы,
А злоўжыванні і грахі.
– Чаму мы ў скрусе паміраем?
– А што, не чулі вы нідзе –
Па смерці дух уваскрасае,
А прах – да праху тлець ідзе?
– Чаго чакаць нам ад падзеі,
Што сёння нават не кране?
– Якое зерне хто пасее,
Такое потым і пажне…
Так мы балакалі да ранку,
Амаль, здаецца, да святла.
Калі ж прачнуўся… вершаванка
На ліст па памяці сышла.
Ці так было, ці мне здалося?
Мо ночка з розуму звяла?
Ды што за пух прыліп на носе?
Няўжо пярынка ад крыла?
20.05.2010