Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А чаму б і не?

Адкажы ты мне,
Адкажы ты мне!
Хіба ты ўсе сцежкі выхадзіш?
Хіба ўсім дагодзіш, выгадзіш?
Хіба ты ўсе тайны вызнаеш?
Хіба ты ўсе думкі выснуеш?
Хіба ты ўсе дзівы выглядзіш?
Хіба ты ўсе маршчыны выгладзіш?
Хіба ты ўсе слёзы выплачаш?
Хіба ты ўсе крыўды выбачыш?
Хіба сэрца сваё выдарыш?
Хіба зло з карэннем выдзераш?
Адкажы ты мне,
Адкажы ты мне!

А чаму б і не?
А чаму б і не!
Калі ўсюды твары ветлыя,
Калі нават цені светлыя,
Калі любіцца, кахаецца,
Калі сэрца не вагаецца.
Калі лёс, як воўк, не крадзецца,
Калі сябар з сябрам радзяцца,
Калі зорка ўжо засвечана,
Калі дужасць-моц засведчана,
Калі лёгка, не бядуецца,
Калі новы свет будуецца –
А чаму б і не?
А чаму б і не!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш А чаму б і не? - Сяргей Дзяргай