Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Шапні напаследак мне простае слова!

Апошняе лета, апошняе лета…
я тут пражываю ля Альфы і Бэты
і далей лячу да загадкавых вежаў
бязмежжа Сусвету, Сусвету бязмежжа!

Шапні напаследак мне простае слова:
кахаю! – магчыма, яго я няварты,
ды стане яно мне зваротнаю картай
ад Вегі далёкай і юнай умоўна.

Жадаю ўглядзецца за мілыя вейкі,
у бездані погляду знікнуць навекі,
але я не ўмею, але я не ўмею
сардэчным цяплом ажыўляць Галатэю!

Скажы мне: кахаю! – і скончым на гэтым,
і я палячу за апошняе лета,
каб песціць надзеі лірычную дозу –
ты ўсё-такі выйдзеш з анабіёзу…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Шапні напаследак мне простае слова! - Ігар Белкін