Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Слова пра словы

Свет скаланаюць
словы і словы,
што з нашых вуснаў
ляцяць стрымгалоў.
Сядайце ў лодку,
бярыце вясло вы,
плывіце ў паводцы
уздыбленых слоў.
Хоць здабываем удачы рыўкамі,
марудна растуць жыты і дамы…
Болей, чым розумам і рукамі,
сёння працуем словамі мы.
Як весяліцца, калі не ў гуморы?
Як усміхацца, калі баліць?
Штормы грымотныя ў слоўным моры
могуць і лодку перакуліць.
У незабяспечаных праўдаю словах
якая патрэба, якая вага?
Трашчаць у баталіях гутарковых,
як халастых патронаў чарга.
Ды ёсць словы, з якімі і танку
не параўнацца сталёвай цаной.
Як выстрал, каманда адна:
– У атаку!
I лес чалавечы ўставаў сцяной.
Слаўлю я слова свінцова-важкое,
што ратавала людзей ад агню,
непераможнае слова, якое
брала любую ў баі вышыню.
He смеем мы,
дорачы абяцанкі,
свайму красамоўству
сказаць “стоп”,
шпурляем у спрэчках
грамы і маланкі,
рыхтуючы свету
слоўны патоп…
Што з адмысловай зіхотнай аправы,
калі замест партрэта – дзіра?
Выратавальнае кола справы
нарэшце сабе нам кінуць пара.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Слова пра словы - Пятрусь Макаль