Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чатыры словы

Чатыры словы
Поле, вёска, лес, дарога –
Усяго чатыры словы.
Для кагосьці так нямнога;
Для мяне ж жыцця аснова.
Поле – вечнае багацце!
Яго трэба ўзараць
Ды прыкласці многа працы,
Каб пасля ўраджай сабраць.
Бульба, лён, пшаніца, грэчка,
Жыта, буракі, авёс
І дарога да мястэчка
Упляталіся ў мой лёс.
Вёска клікала: вяртайся! –
Калі ў горад я спяшаўся.
Мне казалі: “Не цурайся
Тых мясцін, дзе вырастаў”.
А вяскоўцы – тыя людзі,
Што да мудрасці вялі.
Мне яны – дарадцы й суддзі,
Спадары сваёй зямлі.
У драўляных цёплых хатах
Тут звінеў дзіцячы смех,
Пры застоллях небагатых
Было месца для пацех.
Лясы слаўнай Беларусі
Цяжка з чымсьці параўнаць.
Каля лесу хадзіў бусел –
Там квітнела сенажаць.
А за сінімі лясамі –
Зноў дарогі, зноў палі.
Вёскі там стаяць вякамі.
Нашы продкі там жылі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Чатыры словы - Яўген Карпуць