Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Божа, паспагадай усім

Божа, паспагадай усім, –
I магутнаму, і слабому,
I відушчаму, і сляпому,
Каб у згодзе жылося ім.

Божа, паспагадай усім, –
Каб вайной не йшоў
Брат на брата,
Каб ржавела сякера ў ката,
Каб вячэраю пахнуў дым.

Божа, паспагадай усім, –
Каб цяплелі пагляды людзкія,
Каб у старца не кралі кія,
Нічыіх не кралі радзім.

Да любові, да чысціні,
Да святла, да святога ўлоння,
Усявышні, і заўтра і сёння
Заблуканыя душы вярні!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 3,67 out of 5)

Верш Божа, паспагадай усім - Рыгор Барадулін