Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Смак яблыка

Ён трошкі і як лёд, і як агонь, –
He толькі вуснаў, і душы патрэба.
Узважваю, паклаўшы на далонь,
Духмяны пругкі плод зямлі і неба.
Няўжо і праўда Еву спакусіў
Каварным богам падасланы д’яблік?
Яе зубамі род людскі ўкусіў
Упершыню сарваны з дрэва яблык.
Учынак Евы – нам усім урок:
He збочыла,
Хоць усявышні скнара
Гразіў жанчыне, што за гэты крок
Смяротная яе чакае кара…
Калі б не подзвіг твой, прамаці Ева
(За што табе на ўсе вякі хвала!),
He вабіла б тваіх нашчадкаў дрэва,
Што дорыць нам плады дабра і зла.
Скажыце, хіба не мацней за страх
Смак адкрыцця, якім патомкаў будзім?
Ерэтыкі згаралі на кастрах,
Агонь якіх высвечваў праўду людзям.
Цяжар пазнання, быццам дынаміт,
Я валаку, працягваючы пошук:
Адной рукой – арбіт міжзорных кошык,
Другой – кашолку атамных арбіт.
…Клубок праменняў, трапяткі камяк
Сарвеш – і спеласць зазвініць у жмені.
Укусіш яблык – і адчуеш смак
Святла і цемры, вечнасці ў імгненні.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Смак яблыка - Пятрусь Макаль