Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Дай, Божа, шчасця

Дай, Божа, шчасця тым найперш,
Каму для шчасця мала трэба;
Хай баразна ці нечы верш
Спаўна аплочваюцца хлебам,
Глытком салодкага віна
Сярод сяброў з нагоды свята;
Хай вішня шэпча ля акна,
Калі да ранку сціхне хата
І захлынецца маладзік
Ў лугах малодзівам туману
Ці жорава самотны крык
Старую развярэдзіць рану.
Хай пасылае ўсё часцей
Ім неба ў гэтым жорсткім свеце
Добрых, спагадлівых дзяцей-
Мы з вамі ўсе чыесьці дзеці,
Мы ўсе з той раніцы, калі
Пяшчотна крыллямі на скроні,
Каб разбудзіць цябе, ляглі
Нясмела матчыны далоні.
А ты яшчэ ў палоне сну,
І гэтак хочацца забыцца
Хоць на хвіліначку адну.
А за акном раса іскрыцца
На свежай ранішняй траве
І кліча ўдалячынь дарога…
Дай, Божа, шчасця, хто жыве
Не толькі для сябе самога.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дай, Божа, шчасця - Мікола Пацяюк