Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Я не думаў, што ў шчасця прысмак

Не салодкі – а гаркаваты.
Што яно пасядзіць на прызбе
І шыбуе далей ад хаты.
Запрасіць бы паважна ў госці:
“Калі ласка, праходзь на покуць!” –
Збегла зноў на карысць кагосці,
Не злавіць, як зубамі локаць.
Не прысядзе пад абразамі,
Не спакусяць яго пачастункі,
Нанач гледзячы ў снежную замяць
Павандруе вар’яцкай думкай.
Я не верыў, што ў шчасця прысмак,
Нібы вусны твае гаркавы,
Я каханнем заўзята трызніў –
А застаўся з дурною славай.
Мо таму невылоўнае шчасце,
Што яно адно ў чалавецтва –
А да кожнага трэба папасці
Ці на старасці, ці ў маленстве.
Гэта гора адно не ходзіць
Па жыццёвых шляхах-дарогах,
А з сабой дзіцянятак водзіць,
І прыходзіць заўжды аблогай.
І спрадвеку ніколі ў лёсе
Не чакае зімы, адчаю,
Як заедзе ў двор на калясах,
На калёсах і ад’язджае
Вокамгненнае наша шчасце.
Застанецца на вуснах прысмак
Не салодкі, а гаркаваты,
Так заўсёды, бо ныня й прысна
Не заседжваецца ля хаты.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Я не думаў, што ў шчасця прысмак - Анатоль Кудласевіч