Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Не сумеў, матуля, не паспеў

Светлай памяці Мамы

Не сумеў, матуля, не паспеў
Я тваю даслухаць калыханку,
Твой ні з чым непараўнальны спеў,
Што разбудзіць жаўрукоў уранку.

Я цябе з маленства шанаваў
І любіў нязнанаю любоўю,
Столькі слоў прачулых адшукаў,
Ды найлепшых так і не знайшоў я.

Зноўку сэрцам пішуцца радкі,
Акрапляючы слязьмі паперу.
Што твой голас сціхнуў навякі –
Доўга ў гэта, мама, не паверу.

Я цябе падтрымліваў – як мог,
Боль душы аднак суняць не здолеў,
Ды інакш распарадзіўся Бог.
Нашы жыцці – гэта божа воля.

Кожны з нас, як жменя той зямлі,
Што хавае тайну існавання.
Каемся, што грэшнымі былі
І да Бога йдзем са спадзяваннем.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Не сумеў, матуля, не паспеў - Мікола Ляшчун