Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каласы

Мы – галасы зямной красы,
Мы – кроплі ў жытнім моры.
Мы – каласы, мы галасы
У небывалым хоры.
Мы так спяшаліся даспець,
Цягнуліся да неба,
Каб на высокай ноце спець
Зямную песню хлеба.
Нас, што ад горкіх летніх страт,
Радзелі часта-часта,
Няміласці нябеснай град
Хацеў скасіць заўчасна.
Ці зналі мы, калі для мар
Прасілі ў сонца крылы,
Што ўласнай спеласці цяжар
Трымаць не хопіць сілы?
Век карацей або даўжэй,
Ды ўрэшце – лёс адзіны.
Чым мы цяжэй, тым мы бліжэй
Да жніўнае гадзіны.
Ахвярны лёс – жытнёвы лёс.
Ды іншага не трэба,
Калі ты ў гэты свет прынёс
Хаця б зярнятка хлеба.
Даспелі мы, паспелі мы
На свой рубеж апошні…
Хай рэжа плугам час нямы
Тугу асенняй пожні.


Верш Каласы - Пятрусь Макаль