Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Аксіёмы лесвіц

Як толькі мы нарадзіліся
і першы зрабілі крок,
нам збудавалі лесвіцу, –
“Смялей жа, сынок!”.
I мы палезлі наверх,
на свой першы паверх.

Спачатку ступені аднолькавыя:
прасторныя і шырокія.
Спачатку ступені аднолькавыя
мелі і ты і я,
але прайшоў некаторы час
і ясна, што лесвіцы розныя ў нас,
і стаў зусім не дробным факт:
хто трымае, у якіх руках?

(Рукі касматыя – лёс блаславіце:
яны вас наверх паднімуць на ліфце.)
Яшчэ асаблівасць усіх ступеней:
чым вышэй – тым месца меней,
не гаворачы ўжо, што чым вышэй,
тым падымацца цяжэй і цяжэй.

Аксіёма А: калі, мон шэр,
ты амаль што ў раі,
тым лесвіца будзе вужэй і вужэй –
і месца няма дваім.

З другога боку, калі падымацца,
не толькі на гэта патрэбна праца,
бо заўсёды ёсць небяспека
з боку чорнага чалавека –
будзе глядзець ён з усмешкай нявіннай,
як ты па падпіленых лезеш драбінах.

Адсюль падстава для аксіёмы Б
(я палкі не перагну) –
каб мірна жыць, давядзецца табе
да скону весці вайну.

А лёс захоча – ізноў няшчасце:
стане коўзка і лёгка ўпасці.

Аксіёма В: на тое і круча,
каб ведаць, як падаць уніз балюча…

I вось мы стаім паміж трох сасон,
а выхад дзе? – пад нагамі ён:
як толькі мы нарадзіліся
і першы зрабілі крок,
не трэба глядзець наверх нам,
псаваць і хрыбет, і зрок,

Бо колькі б мы наверх ні паўзлі,
не адарвацца нам ад зямлі,
бо колькі б мы наверх ні паўзлі,
роўныя ўсе мы заснём у зямлі.

А я ўсё штурмую лесвіцу…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Аксіёмы лесвіц - Павел Шруб