Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Трывожныя зводкі

Ты ўсхопішся ранкам, нікім не разбуджаны,
I з сэрцам трывожным падыдзеш да радыё.
Чакаеш. Так, пэўна, чакае асуджаны,
Каб прыгавор апраўданнем парадаваў.

Сябе суцяшаеш зацяжкай махорачнай,
I выраз вачэй тваіх шчэ не акрэслены…
На поўдні ад сонца і выбухаў горача,
Над славай казацкай сякера занесена.

Крывёю заліта трава прыдарожная,
Пшаніца патоптана, дым над сялібамі.
З гранатай ля сэрца пад танкі варожыя
Кладуцца байцы непраходнымі глыбамі.

Суровыя весткі і думы суровыя.
Не зломіць нас вораг ніякімі бедамі!
I ўвесь ты падцягнуты і падрыхтованы
Да працы, якая спачыну не ведае.

Выходзіш. Хвіліну глядзіш, як хістаюцца
Пад ветрам асіны над скошанай пожняю.
Праходзяць суседзі і ціха пытаюцца
Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія.

Іх рукі і вусны да мулкасці жорсткія,
I ў кожнага вочы – надзея у хворага.
“Спакойна, таварышы! Землі прыдонскія
Сягоння гараць пад нагамі у ворага”.

Хто ў кузню, хто ў поле – усе разыходзяцца
Упарта каваць перамогу агністую.
I нечыя словы па сэрцах ўжо коцяцца:
“Нічога, таварышы, вынесем, выстаім!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Трывожныя зводкі - Пiмен Панчанка