Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Што значыць літара адна

Што значыць літара адна
Ці змена склада слова?
Як нітку выдзерці з радна –
Палезе ўся аснова.

Спрадвеку горад зваўся Менск,
Стаяў на рэчцы Менцы.
Ды неяк дамагліся змен
Суседзі-іншаземцы.

Абраза, што ні гамані,
А літару змянілі
І ўжо не знойдзеш карані,
Як міну падлажылі.

Павага к віленскім званам
І памяць, не міні нас.
Глядзі, падкладзены ўжо нам
Міндоўгас, Гедымінас…

Свае імёны аддалі,
А з імі і абшары.
Суседзі нам дапамаглі,
А потым камунары.

Нам выйсці трэба з гэтай цьмы.
Каб не рванула міна,
Заўжды павінны помніць мы
Міндоўга, Гедыміна.

Дзе ж супраціў? Ды не шукай
Па назвах знатака ў нас!
І з Трокаў робіцца Тракай,
З Друскенікаў – Друскенінкай,
А з Меднікаў – Мядзінінкай
І Коўна зараз Каўнас.

Да родных каранёў і слоў,
Навука, давядзі нас,
Бо зменяць ўсё за будзь здароў –
Гародня… Гродна… Грдзінас!..

1999

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Што значыць літара адна - Георгій Ліхтаровіч