Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ссохлая груша

Ссохлая груша стаіць сірацінай.
Галіны, як рукі бабулі старой.
Апошнія ўжо дажывае часіны
Сэрца жывое пад шэрай карой.

Вецер, што некалі быў закаханы,
У квецені белым яе засынаў,
Душу атруціў нягодным падманам,
Лісце растрос і галіны зламаў.

Ёй абыякавы позірок кідае,
Гне і хістае, і хоча зламаць,
Апошнія сілы яе адбірае,
А дрэвы не могуць ад болю крычаць.

Юную вішню-ахвяру чаруе,
Шэпча ёй нешта вясновай парой.
Яму ўсёроўна, што нехта гаруе.
Што сэрца жыве пад шурпатай карой.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ссохлая груша - Ірына Касянкова