Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Глыбокая восень

Дрэвы ў змроку за Сожам –
Вываратнямі-карчамі.
Усю ноч каля іх трывожна
Птахі начныя крычалі.

Пад навіссю хмар азызлых
У бліскавічных накрапах
Жах там блукаў вялізны
На схаладнелых лапах.

Трубілі ласі на кручы,
Самы ў віры падаліся,
Касулі збіваліся ў кучы,
Збягаліся ў норы лісы.

Сцяліся дрэвы, напэўна,
Галіны сплялі тугія.
У вёсцы не пелі пеўні
Hi першыя, ні другія.

Гняло і людзей, і хаты,
Блішчэлі ў вокнах цыгаркі.
Зазімак ехаў у сваты
Да восені-перастаркі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Глыбокая восень - Анатоль Грачанікаў