Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пра што гэта думаюць дрэвы

Пра што гэта думаюць дрэвы,
У дрэў якое жыццё,
іх шум – ад радасці спевы
ці, можа, ад болю выццё?

Ніколі мы іх не спыталі
ні ў лесе, ні тут, на вуліцы,
хоць самі жыццё пачыналі
ў сасновай люльцы.

Ніколі не гаварылі “дзякуй”,
хоць яны мільёны гадоў
ад дажджоў ратавалі дахам,
вогнішчам ад халадоў.

Мы ў час прасвятленняў мінутных
не чулі іх скаргаў ані
і вылівалі атруту
на лісце і карані…

Мы нішчылі іх памалу,
пакуль не сціснулі нас
халодная пушча металаў,
неруш
пластычных мас.

– Пра што вы марыце, дрэвы?
хутчэй запытайцеся ў іх,
пакуль трываюць іх нервы,
пакуль яны маюць слых…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Пра што гэта думаюць дрэвы - Павел Шруб