Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дык ці гэта жыцьцё?

Дык ці гэта жыцьцё?
Страх зрабіў выбар твой,
Ты глядзіш праз плячо –
Сочыць хтось за табой?
Сотні твараў у мэтро
На цяжкія шляхі.
Стопакутным таўром
Стовяковай тугі
Звыкла тхне кожны дом,
Кожны рог, кожны слуп,
І за кожным вакном
Свой жыцьцёвы ланцуг.
Як атрута ў крыві,
Невылечны як боль
Ціхім шэптам сваім
Ён заўсёды з табой.
Як жахлівы ўспамін,
Як дзіцячы твой страх,
Ён пусьціў карані
У тваім сэрцы. А пах?
Ты прывык да яго,
Як працоўнік трупярні.
Штось не так? Усё адно!
Ты ідзеш у кавярню,
Ты гутарыш пра дождж,
Пра вясёлку і вецер.
Воля, кажаш? Дык што ж?
Ці адзін я ў сьвеце…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Дык ці гэта жыцьцё? - Алесь Ураза