Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Аер

Узбалоткі, пабраныя раскай густой,
Зноўку памяць абыдзе мая – збудзіць дні.
I пачуе душа: смакавіты настой
Прэла цэдзяць з балота твае карані.

Збіты ў грады, ты рос – шапацеў на вятрах,
Ліст зялёны і гойстры пусціўшы з вады.
I чакаў я, малы, па вясне у вечарах,
Як праклюнецца імі балота,
Тады

Ценькі парастак кволы шукала рука
(Смак яго духавіты у роце й цяпер)
Па-над корнем тваім парасла асака,
Смутна пудзіш душу мне, палескі аер.

У карэнні тваім гусла цэзій залёг,
Смутна ў зоне рыкае пакінуты звер.
Сумам страты маёй, болем горкіх трывог
Прарастаеш вясной на ўзбалотку, аер!

Помню, мама прыносіла пахкі снапок.
Быццам вочы, зырчэлі твае карані.
Пах над вёскаю рос, вырастаў да аблок.
Ты магілу матулі, аер, ахіні!

На спусцелай зямлі, дзе забыты асвер
Калыхае на ветры гарчыну віны,
Па-суседску з табой, мой гаючы аер,
Затравела сівыя ўзышлі палыны.

Развінае туга крылы чорнай начы,
Гасне ў свеце святло, разуменне, давер.
На асмяглых губах чалавечых гарчы
Напамінам бяды,
Мой палескі аер!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Аер - Мікола Мятліцкі