Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Давер

Давер

Да сына, на службу, здалёку прыехала маці;
Пытанні-адказы: Ну, як там у бацькавай хаце?
А як тут, у часці, матуля паціху пытае.
Ці кормяць хоць добра? Наогул, ці ежы хапае?

Смяецца салдацік, ды сум у вачах прыхаваны,
Бо ён, як лісточак, што з дрэва не ў час адарваны.
Ты, мам, не хвалюйся. Я, бачыш, жывы і здаровы,
Для вас фотаздымкі даўно ўжо на памяць гатовы.

Хлапчына-дэсантнік глядзіць з фотакартак сур’ёзна.
І радасна маці, і разам маркотна-трывожна,
Бо дзеці для мамы заўжды незагойная рана.
Каму ж гэта, сынку, выводзіш ты надпіс старанна?

Ды я тут падумаў, навошта пісьмо. Разумееш:
Да хаты хутчэй ты за пошту прыехаць паспееш…
З надзеяй-даверам у вочы салдат пазірае:
Каму перадаць фотакартку, сама, мусіць, знаеш?

Ну, як тут не ведаць– Усміхаецца ласкава маці–
Усе госцейкі бачылі, з кім быў на покуце ў хаце.
Далоньку чыю ў руцэ сваёй грэў ты і песціў,
То так і сказаў бы-аддай фотакартку нявесце.

Ад слоў затрымцелі прыгожыя цёмныя вейкі
І сам на сябе зазлаваў ён-як хлопчык маленькі.
І зноў, бы ў дзяцінстве, яго супакойвала маці:
Дасць Бог, і вяселле згуляем яшчэ ў нашай хаце.

1998 г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Давер - Ніна Кавальчук