Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Мацней даражу

Нікому жыцьцё паўтарыць немагчыма,
Даецца ашчадна і шчодра – адно.
I як бы зязюлька яго ні лічыла,
А фініш бязьлітасны мае яно.

То з выраю,
То за далёкае мора
Ганцамі свабоды ляцяць жураўлі.
Дні радасьці,
Дні непазбыўнага гора
Стагуюцца так,
Як прыйшлі,
Адышлі.

Ня выкінеш і не закрэсьліш ніводны,
Надзеяй узяты ў спакусны палон…
I сам непрыкметна на ўсё станеш згодным,
Прымаючы вечны прыродны закон.

Ды ўсё-ткі насуперак долі зласьлівай
Аблічча тваё прасьвятляе імжу…
Наколькі мой час карацее імкліва –
Настолькі каханьнем мацней даражу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мацней даражу - Сяргей Законнікаў