Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ноччу халоднай ліхтар ацалелы

Ноччу халоднай ліхтар ацалелы
Полымем сінім гарыць ля акна.
Нібы па снезе з пралескай нясмелай
Ходзіць здзіўлёна і ўцешна вясна.
Я патушу навагоднія свечы,
Выйду ў сад, дзе гравюрна ад дрэў,
I пазваню ў твой даверлівы вечар,
Каб дабратою сваёй адагрэў.
Будуць гудкі, будзе пуста ў кватэры,
Хто ж у мінулае звоніць, скажы…
Рукі твае, іх пяшчоту не вернеш
З даўняй замглёнай жыццёвай імжы.
Будзе снягоў яшчэ многа над намі,
Звон іх шкляны не з’ядноўвае нас,
Мы на спагаду спазніліся самі,
I нелюбоў паміж намі адна.
Дрэвы ў садзе малочна сівеюць,
Лёс не аб’едзеш, як прывідны знак.
Рукі цягну да цябе праз завеі
I не магу дацягнуцца ніяк.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Ноччу халоднай ліхтар ацалелы - Людміла Забалоцкая