Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Няміга

Высокімі гурбамі
У снежні снягі засінелі…
Якія завеі, любая,
Якія завеі!

Наскрозь праінелі –
Да сонца, да першай адлігі –
Дамы, што ўцалелі
На нітачцы
Чуйнай Нямігі.

Там цесны пакойчык,
Пакінуты намі, забыты…
Цяпер там паўночна –
I дзверы
Цвікамі забіты.

I клямку пакратаць,
Ашчэрыўшы пашчу забойцы,
Паўзе экскаватар,
Як прывід
Часоў мезазойскіх…

Там лета шалела.
Спякотнае,
Сумнае лета,
Як жоўты квадрат на шпалерах
На месцы партрэта.

I так рагатала
Каменнае рэха на скронях,
Бы войска вандалаў
Скакала
На ўзмыленых конях…

Завейныя веі
Пад неба завеі, пад месяц!
Чаму мы не ўмеем
Святочнае
Лашчыць і песціць?

Будзённасць атуліць.
Няміга заб’ецца галінкай.
Там лета было,
Ты адтуль мне
Махаеш хусцінкай.

Хусцінка лунае,
На ветры расстайным трапеча…

Няміга блукае…
Гукае…
Склікае на веча.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Няміга - Уладзімір Някляеў