Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Алергія

На ўспаміны – астма. Алергія.
Ты глядзіш ласкава з фотаздымка –
Я глынаю ў прыступе паветра.
Для знаёмых – справы неблагія:
Абвыкаю да чужых абдымкаў,
Слухаю апошнім часам рэтра.
Дзесьці там, за кропкай незвароту,
Ты, заснуўшы, дыхаеш мне ў спіну,
Неяк па-дзіцячаму спакойна.
З сэрца – невымерная пяшчота,
Быццам вулканічная лавіна,
Горача захліствае пакоі.
Дзесьці там гліняная падкова
З надпісам “На шчасце закаханым”
Ад нягод ахоўвае кватэру.
Дзесьці там ты ёсць – і дастаткова,
Толькі з кожным днём усё складаней
Склейваць у адно аскепкі веры.
…Горад у зімовай летаргіі,
Зоркі распусціліся, як астры,
Іншы ахінае пледам плечы.
У мяне на памяць – алергія,
На успаміны – жудасная астма…
І, здаецца, гэта невылечна.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Алергія - Ірына Карэліна