Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ВЯРТАНЬНЕ Ў ПОЛАЦАК

Нас будуць сустракаць як Гагарына,
Шампанскае адкаркоўваць на гаўбцах.
Мы плануем вяртацца па бульвары Скарыны.
З пажарнай вежы на галовы сыпануць канфеці.

Наперадзе нашай калоны будзе граць “Стары Ольса”,
А над галовамі імчацца дэльтапляны.
Вінцэсь Мудроў будзе шпацыраваць босы
Са сьлязой на шчацэ і ад шчасьця п’яны.

Каля помніка Францыску Скарыну
Наша калона прыпынецца на хвіліну.
Прамову скажа Лявон Баршчэўскі
Пра тое, што Скарына быў малец някепскі.

Затым калона рушыць далей па бульвары,
А Сокалаў-Воюш дастане сваю гітару,
Будзе сьпяваць пра невядомага касінера,
Які аддаў жыцьцё, каб не зьнікала наша вера.

Ля помніка Цэнтру Еўропы
Уладзя Лобач распавядзе легенду пра цыклопа,
Новую, запісаную ў апошнюю экспедыцыю,
Якую ладзілі студэнты на Верхні Замак за бальніцу.

Каля Сімяона Полацкага Якуб Лапатка
Будзе чытаць вершы манаха гладка
У перакладзе на фінскую мову, мовячы,
Каб было зразумела нават на поўначы.

Ну а ля помніка “У нескладоваму”, ад перадозы любові,
Уладзя Арлоў насьмеліцца прасьпяваць песьню Бон Джові.
Яму падыйграюць на губных гармоніках
Аніса і Ален – два рокеры-законнікі.

І я там быў,
Кока-колу піў,
Чытаў вершы ля помніка Тарычу,
еў вінаград і алычу,
пра астатняе прамаўчу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ВЯРТАНЬНЕ Ў ПОЛАЦАК - Алесь Аркуш