Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Несьмяротнасьць

Мілосныя аблуды – у абладзе
юрлівых пацалункаў (балазе
ў кандытарскім дыхтоўным перакладзе
на мову саладжэнікаў – бэзэ).

Шампанскае і кельнэр-шымпанзэ,
а потым саксафоннае суладзьдзе
ў самотнай нараджаецца тузе
з брунатных вуснаў – сола ў шакалядзе.

I раптам – долу, каб разьбіцца ўшчэнт…
А ўнізе ўжо расьцягваецца тэнт
пажарнымі, і ўжо чакае мноства

Пакліканых сустрэць адно цябе –
амонімы эгіпецкага боства
у касках на задумлівым ілбе.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Несьмяротнасьць - Андрэй Хадановіч