Верш Словы прысягі
Абяцаю –
праз стому, праз ветры лiхiя
Крочыць мужна, жыць чэсна i горда.
Свет стары ўжо, i клятвы –
старыя,
Але шчэ не было гэткай шчырай i цвёрдай.
Не, не звонкiмi слоўмi,
Не хлiпкаю позай,
Што гатова назаўтра змянiць свой выгляд, –
Перайначуся ў справе, хто жыў нецьвяроза,
Плаўце сэрцы, як плацiну ў тыглi.
Мчыце ў высь стратасферы,
Да сонца юнацтва,
Ў паралелi iльдоў,
Як сталёвыя быццам…
Слава тым, хто здолеў
Пераможна ўзняцца,
Перамогу спазнаць,
З перамогай разбiцца!
Не шкадуйце iлюзiй, што ўжо спарахнелi,
Не давайце iлгаць iм,
Атручваць i звадзiць.
На апошнi рэдут ледзяной паралелi,
На пяскi Кара-Кумаў, на пекла бязводдзяў.
У буру дзён! Ў смагу творчасцi, прагi i працы,
Каб iстота
З работай
Зраслася,
Злiлася…
Перараблiваць, перарабляцца,
Каб стаць годным,
Стаць вартым найвышшае класы.
О, шкадуйце сябе –
Для работы,
для роста!
Ад хваробаў ахоўвайце думкi i сэрцы.
Можна жыць для iдэi
Найлепшай, найпростшай,
Але можна ў бясслаўнасцi знiкнуць
i ўмерцi…
Толькi ў працы
Жыцця жыватворачы сродак,
Дзе гнiлое, старое –
Разбiта, пазбыта…
Перавалы бярэце другiх пяцiгодак,
У другiх, i другiх –
Пакаленняў здабытак!