Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У чабору спытай

Шчэ да вечара доўга – далёка,
Шустры конік збівае расу.
Абсалютна спакойна і лёгка
Я зялёную ношку нясу.

Водар лесу ці вецер гаркавы
Развярэдзіць шчымлівы ўспамін.
…Ёсць у ношцы балючыя травы,
Ну, напрыклад, дурман і палын.

Адпачну ля глухой пераправы,
Покуль з громам спрачаецца дождж.
…Ёсць у ношцы вясёлыя травы,
Як дапраўды – крапіўка і хвошч.

Гэй, няма толькі зеллечка злога, –
На яго небагаты мой край.
…Скуль іду я, куды мне дарога –
У чабору, радзімы спытай.


Верш У чабору спытай - Яўгенія Янішчыц