Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прытча пра муху

Жыла-была на свеце муха –
Гарэза, неслух, весялуха.
І давялося ёй “пад мухай”
На стужку ліпкую зляцець.

Яна ад жудасці асіпла:
“Вось дык папалася! Уліпла!
Як жа з паверхні ўзняцца гіблай,
Каб зноў былую волю мець?”

Ну й пачала адчайна рвацца,
Туды-сюды ў бакі матляцца,
Але прыліпла – не падняцца,
Як ні гудзі – трымае гаць.

Калі ж агледзeлася ўпотай,
Такіх жа ўбачыла “адлётаў”:
На ліпкай стужцы мух з паўроты,
Загразлі ў клеі – і маўчаць.

Гаворыць ёй суседка справа:
“Што ты гудзіш? У чым тут справа?
Нашто турбуеш поўдзень млявы,
Чаго трывожыш супакой?”

А муха наша ажно плача –
Такая выпала няўдача!
Пякучы след слязы гарачай
Змахнула лапкаю-рукой:

“Ну як жа тут не хвалявацца?
Уліпнуць гэтак – і стрымацца?
Няўжо палоннай заставацца?
О, жах! Ці хтось так існуе?”

“А што такога, мая дзетка?, –
Ёй шэпча ціхенька суседка, –
Які там жах? Я – таму сведка:
Мы тут вось гэтак і жывем…”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Прытча пра муху - Таццяна Дзям'янава