Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прытча пра двух манахаў

Манахі-святары – стары і малады –
Вярталіся аднекуль у абіцель.
Ды шлях ім заступіў прасцяг – абшар вады –
З-за ліўняў моцных рэкі разліліся.

Ускрай жа той вады заўважылі яны
Малодку-прыгажуню. (Ратуй Божа!)
Хоць трэба ёй прайсці – баіцца глыбіні…
Але ж…ці хто ёй, беднай, дапаможа?

Жанчыну ў рукі ўзяць? Якія там труды?
Манахам жа – па веры немагчыма!
Таму вось малады, збягаючы бяды,
Агідна адвярнуўся ад дзяўчыны.

Стары жа падышоў, малодку падхапіў
І зграбна праз раку панёс – на сушу…
Ды ўвесь астатні шлях манахі моўчкі йшлі,
Аж покуль цішыню юнак не ўзрушыў:

“Як мог ты так зрабіць! Ты ж праведнікам быў!
Жанчыну ў рукі ўзяў – парушыў воту!”
Стары жа адказаў: “Аднёс – ды ўжо забыў!
А ты – яшчэ дасюль нясеш употай!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Прытча пра двух манахаў - Таццяна Дзям'янава