Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Навучыцца б мне прачуць

Навучыцца б мне прачуць
У струнах ветру сэрца ноты.
Каб праз музыку дажджу
Быў нячутны гук згрызоты.

Навучыцца б мне лунаць
Пад дажджом – бязважкім пёркам,
Між нянавісці спазнаць
Радасць пачуцця – глыбокім.

Навучыцца б растапіць
Згорклы боль – халодны сівер,
І агменьчык запаліць
у сэрцах тых, хто абяссілеў.

Навучыцца б побач быць
З тым, хто ў горы, ці ў нядолі.
Келіх горычы дзяліць
Надвая – хто сам не здолеў.

Патлумачыць для сябе
Так, каб назаўжды засвоіць,
Што ёсць радасць і ў журбе,
А адчаем – душу гоіць.

І ў дастатку пэўным жыць,
Ды ў раскошы – не зазнацца.
Навучыцца б!.. Каб вучыць,
Тых, хто любіць выхваляцца.

Навучыцца б, каб вучыць
Бачыць свет не толькі золкім,
Чуць, як дзіўна дзень гучыць,
Бачыць колеры вясёлкі.

Каб паветра мне ў грудзях
Зноў ад шчасця не ставала,
Каб на ўвесь астатні шлях
Не было яго замала.

Каб лягчэй было лунаць
Пад дажджом бязважкім пёркам.
Каб спаўна змагла спазнаць
Радасць пачуцця – глыбокім.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Навучыцца б мне прачуць - Марыя Кобец