Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Казёл і Муха

Аднойчы між Казлом і Мухай сіняй
Размова гэткая ў хляве зайшла:
“Заўжды, – сказала Муха, – я была
I буду – вось клянуся! – гераіняй!”
“А што зрабіла ты, спытаць дазволь?”
“Як што! – Няўжо не разумееш?
Ты гэткага зрабіць ніколі не сумееш.
Зірні ўгару. Што бачыш?” – “Столь”.
“Дык паспрабуй па ёй над намі
Прайсціся дагары нагамі.
Не ўдасца? То-та ж!” – Сіняя ўзнялася
I паказала нумар свой:
Па столі, сапраўды, ўніз галавой
Прайшлася.
Казёл ажно прысеў. Мякеча: “Вось і на!
А я ў геройстве ейным сумняваўся.
Такая ж спрытная яна!
А што калі і я…” I тут жа разагнаўся,
Падскокнуў угару, дзівак,
Ды грымнуў на падлогу так,
Што свет яму нямілы здаўся.
А Муха паддае: “Вышэй, вышэй бяры”
Выкручвай ногі дагары.
Да столі капытамі дакраніся!”
Казлу ж не да таго, ён ледзь жывы і ўнізе,
Здаецца, што сканае без пары.
“Ты ніву лепей узары,
Дык можа хто й палічыць за героя, –
Заўважыў збоку Вараны, –
А то бярэшся за пустое.
Дурны ты, браце мой, дурны!”

Запомніць кожнаму не шкодзіць:
Герой
Не той,
Хто дагары нагамі ходзіць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (9 votes, average: 4,89 out of 5)

Верш Казёл і Муха - Уладзімір Корбан