Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Восень плача

Восень плача…

Восень плача на шэрым халодным двары,
І слязінкі дажджу мыюць шыбы акон.
Мне самотна ад восеньскай гэткай пары
Непазбежнай. Такі ўжо ў прыроды закон.

Восень я не люблю. У ёй “бабіна лета”
Толькі вабіць мяне прыгажосцю сваёй,
Пазалотай лісця, позніх кветак букетам,
І празрыстым паветрам, цяплом, сінявой…

Восень позняя сум у душы выклікае
І настрой невядомай паўнюткі нуды.
Лета вечнага ў нашым жыцці не бывае,
І бягуць без прыпынкаў у Восень гады.

Восень плача. Хіба яна ў тым вінавата,
Што прыйшлося нямоглым лісточкам дрыжаць?
На пачатку была яна шчодрай, багатай,
Ды вось хоча зіма яе месца заняць.

І шкада мне яе. Да сябе запрашаю:
“Ты пагрэйся, не плач больш на волкім двары.
І прабач, я даю табе, восень, што маю…”
Агонь весела ў печы сваволіць-гарыць.

1996 г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Восень плача - Ніна Кавальчук