Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У час бяссоння

Ну што напішу я сягоння
На гэтым маўклівым лісце?..
…Паціху ўсплывала Пагоня,
Імчалі імклівыя коні
У чорнай начной глухаце.
Імчалі імклівыя коні,
I грывы ім вецер ірваў,
I кроў бунтавалася ў скронях,
Адчайна ляцела Пагоня
Па поплавах з твані і траў.

Імчалі імклівыя коні,
I хрып вырываўся з грудзей,
Ляцеў у нямое прадонне,
I быццам крычала Пагоня:
“А смелыя вершнікі дзе?!”
Імчалі імклівыя коні,
Нясмела світанак трымцеў,
Знікала трывожна Пагоня…
…Бывае ж такое бяссонне
I кроў на парваным лісце…


Верш У час бяссоння - Янусь Малец