Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Белы снег на далоні трымаю

Белы снег на далоні трымаю,
Растае ён у халодны ручай,
Быццам родную мову губляю,
У сэрцы гнеўны боль ды адчай.

Хаты, дрэвы, поле, дарогу –
Завіруха ўсе замяла.
Уся зямля, як і родныя словы,
У выгнанні чакаюць цяпла.

Ледзяныя сняжынкі завеі
Аплявухай кладуцца на твар.
Не халоп я баяраў з расеі,
Я зямлі сваёй вольны спадар

Сню, як хуткія рэчкі
У шэры лёд скавала зіма,
Быццам стогн цяжкі чалавечы
Пад тым лёдам схавала яна.

Неспакой на душы і трывога
У маім сне як і у жыцці.
Льецца песня аднекуль з усходу
Родных слоў у ёй не знайсці.

І здзічэлыя белыя коні
Праляцяць звонкім гімнам вясне.
Сэрцу блізкая гэтак пагоня
Усё далей і далей ад мяне.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Белы снег на далоні трымаю - Алесь Лянок