Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Элегія

Мяцеліца ў завулках вые,
Заносіць снегам бальшакі,
Заледзянелі маставыя,
I ледзь паўзуць грузавікі.
Вязуць жалеза, бэлькі, блокі,
Асфальт гарачы, як агонь.
Відаць – у кузаве здалёку
Матляецца самотны конь,
Худы, калматы, заінелы,
Сагнуўшы шыю, з вышыні
Глядзіць трывожна і нясмела
На мітуслівыя агні.
Куды цябе вязуць, буланы?
Чаму замоўклі капыты?
Ці ў чорны графік не зарана
Ужо запісаны і ты?
Падковы ж для цябе кавалі
З найлепшай сталі кавалі,
I людзі помнікі стаўлялі
Табе амаль на ўсёй зямлі.
Ты ў бой ляцеў, прымаў парады,
Ты ў шахце за траіх рабіў
I кожнай бабскае брыгады
Адзінаю апорай быў.
I воз, і плуг цягаў да поту
Ты, ветэран другой вайны,
I вось знялі цябе з работы –
З палка, з абоза, з баразны.
Ты не апошні конь на свеце.
Цябе заменіць малады.
I ўсё ж дапытваюцца дзеці:
“Куды яго вязуць? Куды?”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Элегія - Сяргей Грахоўскі