Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мяжы

Кінь вокам на увесь абшар зямлі:
Вось хату шчыльна абышлі
Парканы з гострымі цвікамі,
Пасыпаныя бітым шклом,
Глядзі – ў прасторах за сялом
Мяжамі
Падзелены на нівах каласы,
Ідуць канаўкі праз лясы,
I стопудовыя гранічныя каменні
Сярод лугоў бяскрайніх заляглі.
Шнуры штыкоў па ўсёй зямлі
Гараць, як дзікае хаценне,
На гасударстваў рубяжы.
Глядзі: паўсюль мяжы.

Нязмерны вольныя прасторы
Святой зямлі, – a чалавек
Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век.
Хаваўся ў іх, як ліс y норы,
I жыў пужліва сам – адзін,
Дрыжачы, як лісцё асін,
Зласлівы, бессардэчны, хцівы,
Такі здрадлівы,
Для ўсіх чужы, зусім чужы.
Вакол яго – платы, мяжы.
Пабач, што робіцца за гэтымі платамі!
У надмернай працы гіне тут
Галодны і абдзёрты люд,
Каторы моцнымі рукамі
Стварыў усе багацтвы на зямлі:
Правёў ён скібы на раллі,
Ён рэйкі пралажыў чыгунак,
Заводаў коміны падняў y выш нябёс,
A сам даўно сляпы ад слёз
I ўжо забыўся аб ратунак.
Глядзі: па ўсёй зямлі святой
Шырокай хваляй залатой
Без краю блішча збожжа мора,
Цвітуць лугі, шумяць лясы…
Так многа ёсць паўсюль багацтва і красы,
A людзі нішчацца y голадзе, y зморы
Ад беднаты, ад цемнаты,
Бо скрозь – мяжы, бо скрозь – платы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мяжы - Максім Багдановіч