Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Мы чакалi Калядаў з маленства

Мы чакалi Калядаў з маленства
I нiяк не маглi дачакацца
Тату трэба было на работу
Мацi трэба было на працу

А Гагарын ляцеў на ракеце
Па-над нашым дваром ды садам
Мы глядзелi ўсьлед са зьдзiўуленьнем
I мiжволi чакалi Калядаў

Мы увосень падпальвалi лiсьце
Мы узiмку хварэлi на глянды
I прыклаўшы далонi да вуснаў
У цямрэчы чакалi Калядаў

Мы пiсалi ў школе дыктоўкi
Нас вадзiлi глядзець на парады
Прафсаюз выдаваў карамэлькi
Мы бралi i чакалi Калядаў

Нам даводзiлi, хто мы i што мы
Нас вучылi выконваць загады
Нам казалi, ды мы ня чулi
Мы употай чакалi Калядаў

Мы рабiлi высновы хутка
Мы павольна сьпявалi баляды
Мы назлосьць валасы расьцiлi
I ўпарта чакалi Калядаў

Што з таго, што ўсё гэта зьнiкла
Быццам бурбалкi ад лiманаду
Засталiся сям’я i дзеткi
Засталося чаканьне Калядаў

Засталiся сябры ды праца
А адзiн, дык “вабшчэ” ў Канадзе
Мы на сьвяты дашлем паштоўку
Будзем разам чакаць Калядаў

Позна ўвечары посуд памыем
I пакiнем, каб сохнуў на тацы
Мы чакаем Каляды з маленства
I ня можам нiяк дачакацца

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мы чакалi Калядаў з маленства - Міхал Анемпадыстаў