Верш Як у госці сын прыехаў
Як у госці сын прыехаў –
А да маці, а не зблізка, –
Яе шчасце, яе ўцеха
Ад пялёнак, ад калыскі, –
Запрашала у святліцу,
За дубовы стол саджала…
Слёзы капалі расіцай,
Што сынок такі удалы.
Частавала белым сырам,
Хлебам сітным, мёдам пчолім,
Заклікала шчыра-шчыра
Не чурацца хлебам-соляй.
I цікавілася маці –
Сэрца матчына, вядома, –
Як на службе там дзіцяці,
Ці там лепей, ці мо дома?
А суседкі каля вокнаў,
Як бы ўбачылі праяву:
– Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
– Дома добра, там не горай,
Там не горай, а мо й лепей, –
Сын разважліва гавора,
Сэрца смуткам не зачэпе.
– Ты адно падумай добра, –
Служу ў Арміі Чырвонай,
Служу ў конніцы харобрай,
Дзе начальнік сам Будзённы.
Я таксама камандзірам,
Хоць служу другое лета,
Глянь, адзнака на мундзіры,
За заслугі ж усё гэта.
А парадак там у войску,
Кожна ўлічана хвіліна.
Ой, далёка нашым вёскам
Да такое дысцыпліны.
I ні суму, ні дакукі,
Час імчыцца, нібы хвалі;
Пасцігаем і навукі –
Болей знаем, як мы зналі.
А ўжо коні, нашы коні!
Ці то суха, ці разводдзе –
Буйны вецер не дагоне,
Шлях пярун не загародзе.
Байцы ж нашыя – героі.
Ты не знойдзеш гэткіх армій.
Што за выпраўка у строі,
Што за послух у казарме!
А суседкі каля вокнаў,
Як бы ўбачылі праяву:
– Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
– А парад як быў нядаўна,
Ты й не бачыла, й не чула, –
Гэткі важны, гэткі слаўны,
Колькі бляску, колькі гулу!
Во спачатку йдзе пяхота,
За ёй конніца і танкі,
На машынах едуць роты,
А там – быстрыя тачанкі.
За тачанкамі – гарматы –
Палявыя і марціры,
А пад небам – рой крылаты –
Самалётаў цэлы вырай.
Як зірнеш, дык ажно люба,
Галава аж ходам ходзіць!
Во дзе ворагу загуба,
Калі ўздумае нам шкодзіць!
А музыкі граюць маршы
Ў нечуваным ладзе-складзе,
Граюць маршы – і мне такжа,
Бо я такжа на парадзе.
А суседкі каля вокнаў,
Як бы ўбачылі праяву:
– Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
– Ды скажу табе я мілай:
Дзень той быў ў нас не штодзенны:
Сам таварыш Варашылаў
Прынімаў парад ваенны.
Не высокі сабе ростам,
Не высокі і не нізкі,
I такі вясёлы, просты,
Хоць далёкі, а так блізкі!
А свой погляд, свой юначы
Калі кіне, бы зарніца, –
Сэрца з радасці заскача, –
Кроў адвагай забурліцца.
Адным словам, свой брат родны,
Адно хочаш, мая маці,
Быць яго дастойным, годным,
За яго жыццё аддаці.
Конь пад ім, прост, вярнігора!
А як скача, як гарцуе!
Ён вачыма лічыць зоры,
Ён вушамі вайну чуе.
Вайну чуе, броў не хмура,
Толькі бліскаюць падкоўкі,
Бо яздок на ім, што бура,
З віхрам пойдзе ў перагонкі.
Нашай Арміі Чырвонай
Камандзір над камандзіры.
За ім пойдзеш хоць сягоння
Цераз пушчы, цераз віры.
У міжбур’е з ім жыць міла,
Лёгка ж будзе і ў паходзе.
Во, які наш Варашылаў!
Во, які наш палкаводзец!
Так у госці сын прыехаў –
А да маці, а не зблізка, –
Яе шчасце, яе ўцеха
Ад пялёнак, ад калыскі.
Нездарма вяла ў святліцу,
За дубовы стол саджала.
Слёзы капалі расіцай,
Што сынок такі удалы.
Нездарма там каля вокнаў
Цёткі гутарылі жвава:
– Які чысты, які стройны,
– Які з твару малажавы!