Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Не сумуй

Не сумуй па тым,
што не збылося.
Не шукай таго,
што не знайсці.
Глянь,
як долу хіліцца калоссе.
Слухай:
чайка трызніць у трысці…

А на ўсходзе
хмарка залатая –
то імгненне
вечнае красы.
На душы пагоднее, світае…
Я нібы анёлак –
божы сын.

Ну, а ты…
“Ў вачах смужынка-просінь”?
Не карай сябе,
што ў забыцці…
Не сумуй па тым,
што не збылося.
Не шукай таго,
што не знайсці!


Верш Не сумуй - Васіль Рагаўцоў