Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Барадатым

Падабаюцца мне барадатыя,
Бо не сквапныя, не зацятыя,
Не насатыя, не губатыя,
А прыгожыя барадатыя!

Вось знайду я сабе барадатага,
Ды не сквапнага, не зацятага,
Не насатага, не губатага,
А прыгожага барадатага!

Заспяваю свайму барадатаму,
Ды не сквапнаму, не зацятаму,
Не насатаму, не губатаму,
А прыгожаму барадатаму,

Што кахаю яго, барадатага,
Ды не сквапнага, не зацятага,
Не насатага, не губатага,
А прыгожага барадатага!

Усміхнецца ў адказ барадаты,
Ды не сквапны зусім, не зацяты,
Не насаты, амаль не губаты,
А прыгожы такі барадаты.

Скажа мне: – Нешта ты худаватая,
Не высокая, ды не губатая…
Не грудастая, а вуглаватая…
Тут прырода, відаць, вінаватая.

І пакрочу я з крыўдай дахаты…
Нешта не зразумеў барадаты,
Не насаты зусім, не губаты,
А прыгожы такі барадаты…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Барадатым - Валянціна Драбышэўская